1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Галоўныя героі "Куража" выкладаюць студэнтам Моцартэума

15 августа 2023 г.

Беларускія акторы Марына Якубовіч і Павел Гарадніцкі расказалі DW, як вядуць заняткі ва універсітэце Аўстрыі.

https://p.dw.com/p/4VBaj
Марына Якубовіч
Марына ЯкубовічФото: Nicole Kubelka/Future Image/IMAGO

Мы сустрэліся з Марынай Якубовіч і Паўлам Гарадніцкім у Варшаве. Яны толькі вярнуліся з Зальцбургу, дзе выкладалі акторскае майстэрства ў Моцартэуме - адным з самых буйных і прэстыжных музычна-тэатральных універсітэтаў. Павел адразу заняўся рэпетыцыямі ў Свабодным тэатры, дзе яны з Марынай працавалі разам, але летась тая адтуль сышла. Ці не шкадуе. "Не, - кажа, - тым больш пасля таго, як паглядзела, якое да цябе стаўленне ў Моцартэуме".

"Прафесар Моцартэума пазнаў нас у фільме"

"Пачалося ўсё вельмі даўно, - расказвае Марына. - 15 гадоў таму, на самым пачатку існавання Свабоднага тэатру, нямецкі рэжысёр Кай Охрэм паставіў з намі спектакль "Грум". І ўсё, мы больш нідзе не сустракаліся. А калі выйшаў фільм "Кураж", Кай, ужо прафесар Моцартэума, пабачыў яго, пазнаў нас і прапанаваў зладзіць ва ўніверсітэце паказ".

Марына з Паўлам, а таксама Дзяніс Тарасенка - галоўныя героі фільму Аляксея Палуяна "Кураж". Яго прэм’ера адбылася на Берлінскім міжнародным кінафестывалі ў 2021 годзе. Карціна паказвае актораў Свабоднага тэатру (хлопцы вядомыя яшчэ і як музыкі гурта "Разбітае сэрца пацана"), якія знайшлі свой спосаб змагацца з сістэмай і аказаліся ў віхры пратэстаў 2020-га.

Афіша фільму "Кураж"
Афіша фільму "Кураж"Фото: Living Pictures Production

Марына і Аляксей правялі тады для студэнтаў Моцартэума кароткі воркшоп, а па выніку Аляксея запрасілі стаць запрошаным дацэнтам Інстытуту Томаса Бернхарда, а Марыну з Паўлам - зладзіць там праект.

"У Аўстрыі вельмі цікавая сістэма адукацыі, - тлумачыць Марына. - Акторскае майстэрства студэнты вывучаюць адзін семестр, а пасля ў іх толькі праца над праектамі, то бок спектаклямі, ды майстар-класы з выбітнымі рэжысёрамі, акторамі, выкладчыкамі з усяго свету. Нас запрасілі зрабіць са студэнтамі адзін такі праект".

"На нашым спектаклі яшчэ стукалі нагамі, крычалі і свісталі"

"Кай сказаў нам, маўляў, будзе спектакль - добра, не будзе - у любым разе класны досвед, па Зальцбургу пагуляеце, студэнты кайфануць", - успамінае Павел. Але за два месяца акторы ўсё ж зрабілі са студэнтамі пастаноўку "Home". Тэма дому ўзнікла як нешта, што асабіста закранае кожнага.

"Спектакль атрымаўся вельмі класны. Мы паказалі яго тры разы, што незвычайна - звычайна там адзін, максімум два паказы", - успамінае Марына, а Павел працягвае: - "Яго крута прынялі. Спектаклі глядзяць і студэнты, і выкладчыкі, якія звычайна апладзіруюць, а ў нас яны яшчэ стукалі нагамі, крычалі і свісталі". 

Для Марыны гэты спектакль аказаўся важным таксама з асабістых прычын: "Калі я сышла са Свабоднага тэатру, у мяне з’явіўся велізарны страх, што я больш не зраблю каштоўнага праекту, які будзе нешта значыць для людзей. А з "Home" я выдыхнула: усё працуе, усё робіцца".

Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка
Павел Гарадніцкі і Дзяніс ТарасенкаФото: Dmitry Vachedin/DW

Пасля беларускім акторам прапанавалі стаць запрошанымі дацэнтамі. "Я потым кажу мужу: "Ты ведаеш, з кім размаўляеш? Перад табой запрошаны дацэнт Моцартэума!" А праз тры хвіліны: "А можа, яны нас запрасілі проста таму, што перажываюць за Беларусь?" Муж кажа, маглі праз гэта запрасіць адзін, магчыма, два разы, але трэці раз - вынік тваёй працы". Павел, па яго словах, калі даведаўся, скакаў ад шчасця і паказаў, як скакаў.

"У Моцартэуме - ты ўнікальны"

"Нам сказалі: "Рыхтуйцеся, гэта будзе вельмі складаная праца - 5 гадзін на дзень, 5 дзён на тыдзень", - кажа Марына і чакае рэакцыі. "А часам - чатыры", - смяецца Павел.

У якасці запрошаных дацэнтаў Марына з Паўлам два з паловай месяцы выкладалі студэнтам першага курсу акторскае майстэрства. Марына паехала ў Зальцбург з сям’ёй, таму давялося шукаць жыллё, а Павел спыніўся ў самім універсітэце, дзе ёсць пакоі для выкладчыкаў. "Я на працу хадзіў - проста адчыняў дзверы і падымаўся на іншы паверх".

Марына прызнаецца, што ў яе "выбухала" галава ад таго, якая вялізная розніца паміж тамтэйшай сістэмай адукацыі і сістэмай адукацыі ў Беларусі: "Наколькі ў іх усё - для цябе і для студэнта, каб ты з усіх бакоў атрымліваў тое, чаго патрабуеш".

Павел успамінае свае студэнцкія часы: "Мне пашчасціла, я не адчуваў дыктатуры, але глядзеў той жа курс у Акадэміі мастацтва і бачыў несвабодных людзей, якія станавіліся злепкамі свайго майстра. Бо ў нас усё накіравана на тое, каб забіць індывідуальнасць, а ў Моцартэуме наадварот – ты ўнікальны, там вялікая свабода. У выкладчыкаў і студэнтаў прыкладна адзін узровень светаўспрымання, так што выкладчык не скажа: "А што гэта дзве дзяўчыны цалуюцца на сцэне". 

Першакурснікі Моцартэума кожны год рыхтуюць пастаноўку, якую ніхто з выкладчыкаў не бачыць да прэм’еры, Марына з Паўлам паглядзелі адну з іх. "Гэта быў проста трэш спектакль, такі панк-рок, студэнты прабівалі сабе вушы на сцэне, цякла кроў, - расказвае Павел. - Помню наш экзамен па сцэнмове - нас было шасцёра - пагалілі галовы. Нашая выкладчыца пабялела, яе ледзь інфаркт не хапіў. Яна паставіла нам двойкі: "Вы мне знішчылі сцэну, гэта Чэхаў, а вы лысыя!"

"Я ўжо запісала Моцартэум сабе ў рэзюмэ"

Што выкладанне ў Моцартэуме значыць з прафесійнага пункту гледжання? "Прызнанне нас як творцаў і прафесіяналаў, мне здаецца, гэта крута, мы гэта запішам сабе ў рэзюмэ", - кажа Павел. "Я сабе ўжо запісала" - смяецца Марына. - "Мне здаецца, у нас, у большасці беларускіх тэатральных дзеячаў, такое ўспрыманне сябе, маўляў, мы нічога не ведаем, нам проста пашчасціла. Я помню, думала, ну запрасілі і запрасілі, а потым пачала чытаць пра Інстытут Томаса Бернхарда, і такая: "Ааа Божачкі, гэта я туды еду выкладаць!" А там паўсюль - "найлепшы інстытут", "найлепшая тэатральная школа".

Марыну з Паўлам запрасілі працягнуць выкладанне ў якасці запрошаных дацэнтаў у наступным вучэбным годзе. "Спадзяюся, будзем таксама рабіць там тэатральныя праекты, мне важна, каб напрыканцы быў прадукт", - кажа акторка. Марына ўжо пачала вучыць нямецкую мову.

Глядзіце таксама: 

Кіраўніца "Вольнага хору" - інтэрв'ю DW

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще